Заява Выканкама АП «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў»

Няма ў свеце ні аднаго народа, які хацеў бы вайны. Расейскі, украінскі і беларускі народы – не выключэнне. Мала хто ў свеце панёс такія жудасныя страты, так ахвяраваў у сваёй гісторыі жыццямі дзясяткаў мільёнаў сваіх грамадзян, як тры блізкія адно аднаму нашы народы. І тое, што расейская ўлада распачала сёння вайну супраць Украіны, не паддаецца ні разуменню, ні апраўданню, ні дараванню. Як не паддаецца апраўданню і дараванню тое, што агрэсар са згоды беларускіх уладаў уварваўся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Здарыліся непапраўныя рэчы, і іх наступствы на працяглы час, на жыцці некалькіх пакаленняў, атруцяць стасункі паміж расейцамі, украінцамі і беларусамі. Ад імя сяброў незалежных прафсаюзаў Беларусі, працоўных нашай краіны мы схіляем свае галовы перад вамі, нашы ўкраінскія браты і сёстры. Мы просім у вас прабачэння за тую ганьбу, той сорам, якія наклала беларуская ўлада на ўсіх беларусаў, зрабіўшыся хаўруснікам агрэсара і адчыніўшы яму мяжу з Украінай.
Але мы хочам запэўніць вас, дарагія ўкраінцы, што абсалютная большасць беларусаў, у тым ліку працоўных, асуджае авантуру дзейнага беларускага рэжыму, які патурае расейскай агрэсіі на Украіну. Мы патрабуем неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду з Украіны, а таксама з Беларусі, расейскіх войскаў.

У гэты цяжкі лёсавызначальны час заяўляем, што мы і сэрцам, і думкамі разам з вамі, дарагія ўкраінцы. Жадаем вам выстаяць і перамагчы.

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!